Часопіс "Вясёлка"
Чытанка-маляванка “Буся”
Навінкі ў кнігарнях:
Сяржук Вітушка: Дзінь-дзілінь. Пара гуляць у казкі
Кніга выйшла ў выдавецтве Зміцера Коласа, у 2011 годзе.
114 каляровых, прыгожа ілюстраваных старонак пад цвёрдай вокладкай.?
Гэта казкі для дзетак і дарослых. Паводле вядомых сюжэтаў беларускага фальклору і класічнай літаратуры аўтар прапаноўвае свае версіі казак. Кніга падштурхоўвае чытача пафантазіраваць і прыдумаць уласныя версіі. ?
Кніга стала вынікам салідарнасці прыхільнікаў і чытачоў, якія супольна сабралі грошы, неабходныя для выдання кнігі. Легендарны лідэр колішніх “Талакі” і "Майстроўні" кажа, што ягоную кнігу выдавалі таксама талакою. Да друку кнігу рыхтавалі рэдактары, ілюстратары, карэктары таксама рыхтавалі па-сяброўску, без аплаты.
Рэдагаваў кнігу Сяргей Дубавец, які для гэтага рэгулярна наведваў Вітушку ў лякарні, і некалькі месяцаў даводзілася выкройваць час паміж медычнымі працэдурамі.
Малюнкі для кнігі зрабіў Міхал Анемпадыстаў.
Карэктуру вычытала сястра Сяргея – Ларыса Сагановіч.
- Насамрэч гэта ніякія не казкі-прыдумкі. Гэта чыстая праўда. Я доўгі час жыў ды працаваў у Вільні і Менску з ваколіцамі. І ўсе апісаныя мной імёны, адрасы, рэчы і падзеі адпавядаюць рэальнасці. Так што смела бярыце гэтую кнігу як інструкцыю і рушце ў сапраўднае падарожжа, - кажа Сяржук Вітушка.
«Дзінь-дзілінь» па выніках 2011 году выйшла на 7 месца ў рэйтынгу па кольскасці прададзеных асобнікаў у кнігарні "логвінаЎ".
«Дзінь-дзілінь» увайшла ў залатую дзясятку кніг 2011 году і заняла першае месца ў намінацыі "Дзіцячая літаратура".
Крынічка Буль-Буль
Анатоль Жук, Віялета Богдан, Уладзімір Васькоў. "Крынічка Буль-Буль" (казкі). Уклад. А.С.Масла.
Ілюстрацыі Сафіі Піскун, Аксаны Аракчэевай, Лізаветы Пастушэнка.
Мінск, "Мастацкая літаратура", 2010. - 67 с., ілюстрацыі.
Кошт: у кнігарні выдавецтва 9950 руб.
Як і ўсе кнігі серыі "Беларуская аўтарская казка", выданне змяшчае творы розных аўтараў.
Для самых маленькіх - "Зубная казка", "Лёцік" і "Сандалікі" Віялеты Богдан. Проста і даходліва, як мама свайму дзіцяці, аўтарка распавядае малым чытачам, чаму трэба чысціць зубкі, слухацца маму з татам, ашчадна ставіцца да рэчаў... Адметнасць: арыгінальныя сюжэты, лёгкі стыль.
Далей па ўзросце - казкі Анатоля Жука: "Крынічка Буль-Буль", "Вятрак-вандроўнік", "Заечы дамок і заечая капустка", "Прыгажуня", "Зорачка". Калі акрэсліць каротка - гэта алегарычныя творы пра агульначалавечыя каштоўнасці. Адметнасць: філасафічнасць і павучальнасць.
Для старэйшых дзяцей (і для дарослых таксама!) - "Дахавік Казік" Уладзіміра Васькова. Казачныя героі - дахавікі Казік і Юзік - жывуць... так і хочацца сказаць "у Менску" у сучасным горадзе і займаюцца звыклымі рэчамі: чытаюць газеты і стэлефаноўваюцца праз мабільнік, уладкоўваюцца на працу, каб зарабіць грошай і набыць тэлевізар... Адметнасць: добры гумар і пазнавальныя сітуацыі.
Сонечны кошык
Мікола Чарняўскі. "Сонечны кошык" : вершы, казкі, прымаўлянкі-забаўлянкі, скорагаворкі, лічылкі, загадкі : для малодшага школьнага ўзросту. Мінск, "Мастацкая літаратура", 2009. - 174 с. Цвёрдая вокладка, ілюстрацыі на кожнай старонцы.
Мастакі Надзея Барай, Алена Карповіч.
Тэматычна новая кніга вядомага паэта, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра і прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі М. Чарняўскага вельмі разнастайная. У ёй чытачы сустрэнуцца з вясёлымі і сур'ёзнымі, удачлівымі і няўдачлівымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі - героямі гумарыстычных вершаў; спазнаюць радасць хараства, што дораць нам сустрэчы з роднай прыродай; пабываюць у дзівосным свеце казак.
Шмат займальнага і незвычайнага чакае іх таксама ў раздзелах, дзе змешчаны прымаўлянкі-забаўлянкі, скорагаворкі, загадкі, лічылкі.
Прыгоды Віруса Шкодзі
А. Бутэвіч. "Прыгоды Віруса Шкодзі" : незвычайная казка пра караля Віндаўса Вялікага, Віруса Шкодзю і чароўныя камп'ютары : для малодшага школьнага ўзросту. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. - 62 с., мяккая вокладка.
Маст. Наталля Кійко.
Чарговая кніга серыі "Казкі ХХІ стагоддзя" адрасавана малодшым школьнікам, якія пачынаюць асвойваць бязмежную інтэрнэт-прастору.
Карыстальнікам камп'ютараў, відаць, неаднойчы даводзілася сутыкацца з праблемамі, створанымі камп'ютарнымі вірусамі. Пра аднаго з іх і распавядаецца ў новай кнізе вядомага пісьменніка Анатоля Бутэвіча.
Незвычайныя прыгоды і адмысловыя штукарствы хітрага, вераломнага - а часам наіўнага і нават... закаханага Віруса пацешаць юных чытачоў і дарослых.
Казкі беларускія http://kazki.by
Прыказкі, конкурсы, сцэнарыі, загадкі, калыханкі, прыпеўкі, вершыкі і шмат іншага для беларускіх дзетак